ГРЭ́ЧАСКАЕ ПІСЬМО́,

алфавітная сістэма, якая ўзыходзіць да фінікійскага пісьма. Верагодна ўзнікла ў 9—8 ст. да н.э. У грэчаскім пісьме, акрамя літар, якія абазначаюць зычныя, былі ўведзены самаст. літары для перадачы галосных гукаў, што было новым этапам у развіцці пісьменства. Класічны агульнагрэч. алфавіт склаўся ў 5—4 ст. да н.э. Напрамак пісьма — злева направа. Кожная літара мела і лічбавае значэнне. Знакі «стыгма», «копа» і «сампі» выкарыстоўваліся толькі для абазначэння лічбаў і пазней выйшлі з ужытку. Новагрэч. алфавіт мае 24 літары.

Алфавітнае грэчаскае пісьмо падзялялася на 2 галіны: усх.-грэч. і зах.-грэч. пісьмо. Усх.-грэч. развілося ў класічнае стараж.-грэч. і візантыйскае пісьмо, стала асновай копцкага, гоцкага, слав. кірылічнага (гл. Кірыліца), а магчыма, армянскага і часткова груз. пісьма (гл. адпаведныя арт.). Зах.-грэч. пісьмо было зыходным для этрускага, стараж.-герм. рунічнага і лацінскага пісьма. Найб. стараж. помнікі грэчаскага пісьма датуюцца 8—7 ст. да н.э. Грэчаскае пісьмо прадстаўлена некалькімі тыпамі: манум. пісьмо на цвёрдых прадметах — камені, метале, кераміцы (з 8 ст. да н.э.); уніцыяльнае — на папірусе (з 4 ст. да н.э.), на пергаменце (з 2 ст. да н.э.); курсіўнае (з 3 ст. да н.э.). У 13 ст. развіваецца малодшы мінускул (гл. Мінускульнае пісьмо), які паслужыў узорам для першага грэч. друкарскага шрыфту (15 ст.). Сучасныя друкаваныя грэч. літары створаны ў 17 ст.

Літ.:

Павленко Н.А. История письма. 2 изд. Мн., 1987;

Guarducci M. Epigrafia greca. Vol. 1—2. Roma, [1967—69].

А.М.Рудэнка.

т. 5, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)